Пра выданне

Патрэба ў выданні тэматычнага акадэмічнага альманаха, у якім разглядаліся б праблемныя пытанні багаслоўя, духоўнага і царкоўнага жыцця, міжканфесійных зносін, ролі цэркваў у сучасным грамадстве, а таксама гісторыі хрысціянства ў Беларусі, адчувалася даўно. Афіцыйныя акадэмічныя інстытуцыі аддавалі перавагу часопісам дысцыплінарнай і скіраванасці, царкоўныя выдавецтвы большую ўвагу надавалі публіцыстыцы, і галоўным чынам існуючыя ў Беларусі выданні былі монаканфесійнымі. Адметнасць часопіса “Збожжа” ў тым, што ён, з аднаго боку, арыентаваны на падтрыманне высокага акадэмічнага ўзроўню матэрыялаў, які забяспечваецца рэцэнзаваннем артыкулаў з боку вядомых даследчыкаў і навукоўцаў, вузкіх спецыялістаў у пэўнай сферы. З другога боку, часопіс не звязаны ні з якой афіцыйнай царкоўнай ці акадэмічнай інстытуцыяй, ён з’яўляецца ініцыятывай супольнасці, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных канфесійных традыцый і шырокага спектру дысцыплін, не толькі багаслоўскіх.

Гэтая супольнасць пачала складацца з удзельнікаў багаслоўскай секцыі Міжнароднага кангрэса даследнікаў Беларусі, якую сіламі Цэнтра “Экумена” атрымлівалася штогадова праводзіць з 2012 года. Секцыя мела тэматычны характар, характарызавалася высокім ўзроўнем прэзентаваных на ёй дакладаў, а таксама змястоўнымі і крэатыўнымі дыскусіямі. Апроч таго, з 2016 года паступова пачынае развівацца супрацоўніцтва паміж беларускімі багасловамі і царкоўнымі дзеячамі ў замежжы — тымі, хто атрымлівае адукацыю, абараняе дысертацыі, працуе ў заходніх універсітэтах ці ў царкоўных арганізацыях. Першая такая сустрэча, удзел у якой узяла 15 чалавек, прайшла ў траўні 2017 года ў Цюбінгене. Арганізаваў яе Цэнтр “Экумена”. За апошнія гады дзясяткі беларускіх студэнтаў і даследчыкаў у галіне багаслоўя, філасофіі, гісторыі, палітычнай навукі, культуры, антрапалогіі, сацыялогіі і іншых дысцыплін апынуліся ў замежжы, і яны актыўна ўключыліся ў міжнародную акадэмічную супольнасць, атрымалі прызнанне як інтэлектуалы і навукоўцы, аднак, на жаль, страцілі сувязь з Беларуссю і іншымі беларусамі ў замежжы, і ніякага супрацоўніцтва паміж сабой не мелі, паколькі належылі да розных традыцый, дысцыплін і пакаленняў. У межах сустрэчы ў Цюбінгене было вырашана аб’яднаць намаганні па розных накірунках: па-першае, стварэнне сеткі супрацоўніцтва, абмена інфармацыяй, узаемападтрымкі; па-другое, супольнае планаванне і правядзенне багаслоўскай секцыі на Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі; па-трэцяе, стварэнне альманаха, у якім можна было б дзяліцца адно з аднымі вынікамі сваіх даследаванняў і разважаннямі па вызначаных тэмах.

Першая секцыя новага фармату была праведзена ў межах VII Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў верасні 2017 года. Для секцыі была абраная тэма “Ecclesia semper reformanda est: Царква, рэформы і Рэфармацыя”, якая і стала тэмай першага выпуску часопіса, а асноўную частку артыкулаў склалі даклады, якія прагучалі на Кангрэсе.

Выдавецкая рада

Наталля Васілевіч (галоўны рэдактар), Анастасія Вудэн, Наталля Гарковіч, Раіса Зянюк, Аляксандр Шрамко.

Навуковая рада

Пётр Буценеў (доктар філасофіі ў галіне тэалогіі), Алег Брэскі (кандыдат юрыдычных навук), Вольга Брэская (кандыдат сацыялагічных навук), іераманах Іаан (Булыка) (кандыдат багаслоўя), Анастасія Вудэн (доктар філасофіі ў галіне тэалогіі), Наталля Гарковіч (кандыдат гістарычных навук), Яўгенія Даніловіч (доктар тэалогіі), Аляксандр Дуброўскі (кандыдат філалагічных навук), Раіса Зянюк (кандыдат гістарычных навук), Надзея Кіценка (доктар філасофіі ў галіне гісторыі), Алена Любая (кандыдат гістарычных навук), Алена Лянкевіч (кандыдат філалагічных навук), святар Яўген Маліноўскі (кандыдат псіхалагічных навук), святар Міхаіл Самкоў (кандыдат багаслоўя), Вольга Сытая (кандыдат мастацтвазнаўства), Алена Харко доктар тэалогіі.